ГРУНТАВЫ́Я ВО́ДЫ,
безнапорныя або слабанапорныя падземныя воды. Звычайна размяшчаюцца ў першым ад паверхні пастаянна існуючым ваданосным гарызонце, які падсцілаецца воданепранікальным слоем. Глыб. залягання, хім. састаў і рэжым залежаць ад геал. будовы, рэльефу, клімату, глебавага і расліннага покрыва мясцовасці. Асн. крыніца жыўлення грунтавых вод — атм. ападкі, а таксама падток падземных вод з напорных ваданосных гарызонтаў у далінах рэк. У лясных, лесастэпавых і стэпавых раёнах пашыраны прэсныя або слабамінералізаваныя, у сухіх стэпах, паўпустынях і пустынях пераважаюць салёныя грунтавыя воды. На Беларусі сярэдняя глыб. залягання грунтавых вод 10—15 м, у паніжэннях (поймы рэк, балоты) да 0,5 м, нярэдка яны змыкаюцца з паверхневымі водамі. Выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння, у с.-г. вытв-сці, буд-ве і інш.
т. 5, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)